piątek, 29 października 2010

Население Островецкого района. Перепись 2009 года.

Аб колькасці, размяшчэнні і складзе насельніцтва Астравецкага раёна па дадзеных перапісу насельніцтва ў 2009 годзе
Па стану на 14 кастрычніка 2009 года ў Астравецкім раёне пастаянна пражывала 24266 чалавек. За дзесяць гадоў, што мінулі пасля перапісу 1999 года, колькасць насельніцтва раёна зменшылася на 5219 чалавек, або на 17,7%. Для параўнання: у перыяд паміж перапісамі 1989 і 1999 гадоў колькасць насельніцтва раёна зменшылася ўсяго на 348 чалавек (на 1,2%).
Колькасць жыхароў гарадскога пасёлка Астравец зменшылася на 344 чалавекі (на 4%) і склала на момант перапісу 8285 чалавек, або 34,1% агульнай колькасці насельніцтва раёна.
У сельскіх населеных пунктах раёна пражывала 15981 чалавек, або 65,9% агульнай колькасці насельніцтва раёна. У параўнанні з дадзенымі папярэдняга перапісу насельніцтва доля сельскага насельніцтва скарацілася на 4,8 працэнта, а яго колькасць – на 4875 чалавек (на 23,4%).
Змяншэнне сельскага насельніцтва – працэс пастаянны і нарастаючы. Так, калі ў 1989-1998 гадах сельскае насельніцтва штогод скарачалася ў сярэднім на 147 чалавек, то ў наступны дзесяцігадовы інтэрвал – на 488 чалавек. Істотнае скарачэнне колькасці сельскіх жыхароў звязана як з іх міграцыйным адтокам у гарады, так і з асаблівасцямі яго ўзроставага складу.
Для раёна характэрны працэс «старэння» насельніцтва, што выяўляецца ў паступовым павелічэнні долі старэйшых груп (65 гадоў і старэй) у яго ўзроставай структуры.
У адпаведнасці з класіфікацыяй ААН, насельніцтва лічыцца старым, калі доля асоб ва ўзросце 65 гадоў і старэй складае 7% і больш. Па даных перапісу насельніцтва 2009 года ў цэлым па раёне доля гэтай часткі насельніцтва ў нашым раёне складае 17,8%. У структуры сельскага насельніцтва ўдзельная вага асоб ва ўзросце 65 гадоў і старэй склала наогул 22,3%.
Адначасова адбывалася змяншэнне колькасці дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў. За дзесяць гадоў, што мінулі пасля перапісу насельніцтва 1999 года, колькасць дзяцей у цэлым у раёне зменшылася на 2300 чалавек (на 34,1%), у тым ліку ў сельскай мясцовасці – на 1522 чалавека (на 34,9%). Настолькі прыкметнае скарачэнне колькасці дзяцей звязана з падзеннем нараджальнасці ў 90-х гадах, што асабліва адбілася на дынаміцы ўзроставай групы 10-14 гадоў. За паміжперапісны перыяд колькасць дзяцей ва ўзросце 10-14 гадоў зменшылася на 1025 чалавек (40,5%).
Доля дзяцей ва ўзросце 0-15 гадоў у агульнай колькасці насельніцтва ў цэлым у раёне скарацілася з 22,9% у 1999 годзе да 18,3% у 2009-ым.
Колькасць насельніцтва працаздольнага ўзросту ў раёне на момант апошняга перапісу склала 13619 чалавек і зменшылася ў параўнанні з перапісам насельніцтва 1999 года на 1448 чалавек або на 9,6%. Паніжэнне колькасці працаздольнага насельніцтва адбылося ў асноўным ва ўзроставай групе 30-39 гадоў. Колькасць дадзенай катэгорыі асоб зменшылася на 1342 чалавекі, або на 29%.
Доля насельніцтва працаздольнага ўзросту ў агульнай колькасці насельніцтва раёна склала 56,1% і ў параўнанні з дадзенымі папярэдняга перапісу павялічылася на 5 працэнтаў.
У раёне адбываецца зніжэнне нагрузкі на насельніцтва ў працаздольным узросце, якая па дадзеных перапісу 2009 года склалася ніжэй, чым за ўсю пасляваенную гісторыю развіцця раёна. Так, на момант апошняга перапісу насельніцтва на 1000 чалавек насельніцтва ў працаздольным узросце прыходзілася 782 чалавекі ў непрацаздольным, у той час як па дадзеных перапісу насельніцтва 1979 года – 927, 1989 года – 954 і 1999 года – 957 чалавек.
За 10 гадоў, што папярэднічалі перапісу насельніцтва 2009 года, адбыліся істотныя змены ў колькасці і суадносінах мужчын і жанчын, якія аказваюць уплыў на фарміраванне сем’яў і аднаўленне насельніцтва. Па стану на 14 кастрычніка 2009 года ў раёне пражывала 11420 мужчын і 12846 жанчын. У параўнанні з 1999 годам колькасць мужчын скарацілася на 17,9%, а жанчын – на 17,5%.
Да 1999 года адбывалася паступовае выраўніванне структуры насельніцтва па полу, выкліканае вайной. Па дадзеных перапісу насельніцтва 1959 года на 1000 мужчын прыходзілася 1229 жанчын, 1970 года – 1184, 1979 года – 1149, 1989 года – 1130, 1999 года – 1119. Аднак на момант перапісу насельніцтва 2009 года, з-за больш высокага тэмпу росту смяротнасці мужчын структура насельніцтва па полу нязначна, але пагоршылася, і на 1000 мужчын прыходзілася 1125 жанчын.
Падчас перапісу насельніцтва вывучалася знаходжанне ў шлюбе насельніцтва краіны. У адпаведнасці з рэкамендацыямі Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН, збор дадзеных аб шлюбным стане ажыццяўляўся ў дачыненні асобаў ва ўзросце ад 15 гадоў і старэйшых.
Дадзеныя перапісу насельніцтва паказваюць, што ў раёне захоўваюцца традыцыйныя нормы шлюбна-сямейных адносін – у шлюб уступае большасць мужчын і жанчын. У раёне 66,7% мужчын і 57,8% жанчын ва ўзросце 15 гадоў і старэй жывуць у шлюбе. Па выніках перапісу насельніцтва 1999 года ўдзельная вага мужчын і жанчын, якія пражываюць у шлюбе, складала 69,9% і 60% адпаведна.
У той жа час за дзесяцігадовы перыяд доля шлюбных пар, шлюб якіх юрыдычна не аформлены, вырасла з 3,3% да 7,5%.

Па выніках перапісу насельніцтва ў раёне колькасць удоў склала 2669 чалавек, а іх доля ў агульнай колькасці жанчын ва ўзросце 15 гадоў і старэй склала 24,6%. У параўнанні з данымі папярэдняга перапісу насельніцтва колькасць удоў зменшылася на 7,1%, або на 203 чалавекі.
У раёне колькасць жанчын разведзеных, а таксама тых, што разышліся без юрыдычнага афармлення скасавання шлюбу, склала 633 чалавекі, або 5,8%. За перыяд паміж перапісамі колькасць такіх жанчын вырасла на 99 чалавек або на 18,5%. Больш паловы разведзеных жанчын знаходзіцца ў дзетанараджальным узросце.
Доля ўдоў і разведзеных жанчын амаль ва ўсіх узростах істотна вышэйшая, чым у мужчын. Гэта звязана з тым, што ўдаўцы і разведзеныя мужчыны часцей уступаюць у паўторны шлюб.
Для раёна характэрна невысокая ўдзельная вага асоб, якія на працягу ўсяго жыцця не ўступалі ў шлюб. Паказчык бясшлюбнасці для мужчын склаў 6%, для жанчын – 3,6% – менавіта столькі мужчын і жанчын ва ўзросце 50 гадоў і старэй ніколі за ўсё жыццё не ўступалі ў шлюб.
Узровень адукацыі насельніцтва – адзін з самых важных індыкатараў якаснага развіцця грамадства. Вынікі перапісу насельніцтва 2009 года сведчаць аб росце ўзроўню адукаванасці жыхароў раёна. На момант перапісу 85,1% насельніцтва раёна ва ўзросце 15 гадоў і старэй мелі вышэйшую, сярэднюю і базавую адукацыю (супраць 72,2% – па перапісе 1999 года).
Значна павысіўся ўзровень адукацыі сельскага насельніцтва. Калі ў 1999 году сярод сельскіх жыхароў ва ўзросце 15 гадоў і старэй доля асоб, якія маюць вышэйшую, сярэднюю і базавую адукацыю, складала 64,9%, то па дадзеных перапісу 2009 года – 80%. Сярод гарадскіх жыхароў раёна гэты паказчык склаў 95,1% у 2009 годзе і ў параўнанні з дадзенымі папярэдняга перапісу насельніцтва павялічыўся на 3,8 працэнта.
Доля асоб, якія маюць вышэйшую адукацыю, за дзесяцігоддзе, што мінула пасля перапісу насельніцтва 1999 года, у цэлым па раёне вырасла з 8,2% да 11,9%, а іх колькасць – з 1912 чалавек да 2397 чалавек.
Па дадзеных перапісу насельніцтва 2009 года ў раёне пражывала 4845 чалавек, якія маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю, і 1679 чалавек – прафесійна-тэхнічную. У параўнанні з дадзенымі папярэдняга перапісу колькасць асоб, якія маюць сярэдне-спецыяльную і прафесійна-тэхнічную адукацыю, павялічылася на 24,6%.
Пры перапісе насельніцтва Рэспублікі Беларусь 2009 года ў раёне ўлічана 127 чалавек непісьменных ва ўзросце 15 гадоў і старэй, або 0,6% агульнай колькасці насельніцтва гэтага ўзросту. Гэтая катэгорыя насельніцтва складаецца, у асноўным, з інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Па дадзеных перапісу насельніцтва 2009 года на тэрыторыі раёна пастаянна пражывалі прадстаўнікі 24 нацыянальнасцяў і народнасцей.
Пры перапісе насельніцтва 86,9% жыхароў раёна аднеслі сябе да карэннай нацыянальнасці – беларусаў, 5,7% – да палякаў, 3,5% – да рускіх, 2,6% – да літоўцаў.
Змяншэнне колькасці прадстаўнікоў асноўных нацыянальнасцяў звязана як з натуральным змяншэннем насельніцтва, так і з міграцыйным адтокам.
Падчас перапісу насельніцтва вывучалася валоданне насельніцтва мовамі: указвалася родная мова, мова, на якой людзі звычайна размаўляюць дома, і іншыя мовы, якімі валодаюць свабодна.
86,6% жыхароў раёна назвалі роднай мову сваёй нацыянальнасці.
Асноўнай мовай для зносін з’яўляецца беларуская мова. На ёй звычайна размаўляе дома 17988 чалавек (74,1% насельніцтва раёна). Рускую мову выкарыстоўвалі для зносін 4418 чалавек або 18,2% насельніцтва раёна.
Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Гродзенскай вобласці.
Статья предоставлена газетой  Астравецкая праўда


Brak komentarzy: